У параўнанні з мінулым выездам маршрут глабальна не змяніўся, але ўсё ж варта ўдакладніць некаторыя важныя дэталі і змяненні. Самым зручным спосабам дабрацца да канчатковай кропкі будзе маршрут з перасадкай у Мінску. Заходзім на сайт Беларускай чыгункі, выбіраем зручны білет да сталіцы на 2 ліпеня (але не пазней за 11:02) і праз некалькі гадзін апынаемся ў пункце прыпынку. Калі ж час адпраўкі цягнікоў не зусім падыходзіць, то заўсёды можна скарыстацца паслугамі транспартнай кампаніі «Смайлбус» (кошт - 38 BYN). Маршрутныя таксі адпраўляюцца з Гомеля ў Мiнск літаральна кожную гадзіну.
Па прыездзе ў Мінск ёсць некалькі варыянтаў, каб дабрацца да Барысава. Калі вы не хочаце мяняць від транспарту, то з некалькіх чыгуначных станцый сталіцы, такіх як «Мінск-Пасажырскі», «Інстытут Культуры» i «Мінск-Усходні», даволі часта адпраўляюцца цягнікі і электрычкі. З падрабязным апісаннем можна азнаёміцца на сайце Беларускай чыгункі. Таксама з аўтавакзала Мінска вельмі часта ездзяць аўтобусы да Барысава. Квіткі можна набыць на сайце білетнага агрэгатара «Infobus».
У гэтым месцы зробім важную заўвагу. Перад тым як купіць білет на цягнік або аўтобус, трэба канчатковым пунктам прыпынку пазначыць не Барысаў, а станцыю «Пячынскі» для чыгуначнага транспарту або «Печы» для аўтобуса. Стадыён «Барысаў-Арэна» (вул. Гагарына, 119) знаходзіцца побач з гэтымі прыпыначнымі пунктамі, і не трэба будзе пераадольваць увесь горад, каб дабрацца да стадыёна.
Матч у Барысаве пачынаецца 2 ліпеня ў 18:00. Уваход на гасцявы сектар для заўзятараў «Гомеля» — вольны. Аматарам нашага клуба трэба сабрацца не пазней за 20 хвілін да пачатку гульні каля вышэйзгаданых сектараў і спецыяліст па працы з заўзятарамі правядзе вас на стадыён.
Пасля завяршэння матча нам трэба вярнуцца на станцыю «Пячынскі» і сесці на электрычку да Мінска, якая адпраўляецца ў 20:05 або 20:35. Кошт квітка — 4,11 BYN. Па прыездзе ў сталіцу да Гомеля можна дабрацца начным цягніком, які адпраўляецца са станцыі «Мінск-Пасажырскі» 3 ліпеня ў 00:28 і прыбывае на канчатковы пункт у 07:29. Кошт квітка — ад 23,58 да 32,67 BYN. Таксама ў перадсвяточны дзень кампанія «Смайлбус» дадала позні рэйс на маршрутку да Гомеля, якая адпраўляецца ў 23:00 са станцыі «Інстытут Культуры» і прыбывае ў Гомель у раёне трох гадзін ночы.
Калі хто-небудзь плануе ехаць на выезд на асабістым транспарце, не грэбуйце магчымасцю ўзяць сабе ў кампаньёны яшчэ кагосьці, хто жадае на звышпрынцыповым матчы падтрымаць нашу каманду ў Барысаве. Пішыце ў каментарах, і бярыце з сабой максімум зялёна-белых аднадумцаў.
Памятайце: наша сіла ў адзінстве!

Поделиться




