Маршрут заўзятара на матч з магілёўскім «Дняпром»

«Зялёна-белыя», нічога не плануйце на суботні вечар, бо вы ўсе проста абавязаны адправіцца ў братэрскі Магілёў, каб падтрымаць нашу каманду ў матчы з няўступлівым мясцовым «Дняпром».

Каб дабрацца да Магілёва, можна скарыстацца як чыгункай, так і аўтобуснымі перавозчыкамі. Калі вы аддаеце перавагу цягніку, то 31 кастрычніка з гомельскага чыгуначнага вакзала ў 6:27 гадзін раніцы адпраўляецца прамы цягнік, які прыбудзе на канчатковую станцыю ў 09:29. Кошт квітка — 10,48 BYN.

Калі вам не падыходзіць ранні пад’ём, то да Магілёва можна дабрацца з перасадкай у Жлобіне на старых добрых «сабаках». З Гомеля ў 11:39 электрычка да Жлобіна, а затым — перасадка да Магілёва ў 13:54. На канчатковую станцыю цягнік прыбудзе ў 17:02, а агульны кошт маршруту складзе 11,59 BYN.

Акрамя цягнікоў, з Гомеля ў Магілёў літаральна кожныя дзве гадзіны адпраўляюцца маршруткі. Выбраць зручны час можна на сайце аўтобуснага агрэгатара atlasbus.by. Кошт квітка — 30 BYN. Матч «Гомеля» і «Дняпра» пачнецца ў 18:00 на магілёўскім стадыёне «Спартак», які знаходзіцца па адрасе: вул. Ленінская, 50Б. Кошт квітка на гасцявы сектар складзе 10 BYN, а для дзяцей да 6 гадоў уваход будзе вольным.

Пасля заканчэння матча заўзятарам трэба дабрацца да магілёўскага аўтавакзала (вул. Ленінская, 93), адкуль у 20:10 адпраўляецца аўтобус у Гомель. Квіток коштам 30 BYN можна набыць на тым жа сайце atlasbus.by. Калі ж вы нікуды не хочаце спяшацца, то ў 22:34 з чыгуначнага вакзала Магілёва адпраўляецца начны цягнік да Гомеля, які прыбудзе ў наш горад у 06:00 наступнага дня. Кошт квітка — ад 21,73 да 30,16 BYN у залежнасці ад тыпу вагона.

Калі хтосьці з заўзятараў плануе дабірацца на ўласным транспарце, не забывайцеся пісаць пра гэта ў каментарах, каб разам адправіцца ў класны выезд!

Да сустрэчы ў суботу, «зялёна-белыя»!


Спонсоры и партнеры клуба
partner
partner
partner
partner
partner
partner
partner