Маршрут заўзятара на матч з «Баранавічамі»

У нядзелю нас чакае завяршальны выезд нашай працяглай гасцявой серыі, дзе «зялёна-белым» трэба будзе згуляць з моцнымі «Баранавічамі». Кожны клуб у Вышэйшай лізе ведае, што проста ў Баранавічах не бывае, таму нашай камандзе патрэбная максімальная падтрымка на гэтую гульню. Па традыцыі расказваем, як дабрацца.

Раніцай 20 верасня садзімся на даўно знаёмы і звыклы цягнік 707Б «Гомель - Мінск», які адпраўляецца ў 7.00 і прыбывае ў сталіцу ў 9.50. Кошт квітка — 28,11 BYN. У якасці альтэрнатывы можна скарыстацца цягніком 757Б па гэтым жа кірунку (07:28 - 10:42) альбо дабрацца да Мінска на маршрутцы пры дапамозе транспартнай кампаніі «Smilebus». Кошт білета ў апошнім выпадку складзе 38 BYN.

Калі вы выбралі першы варыянт з адпраўленнем у 7:00, то па прыбыцці ў Мінск, не мяняючы вакзал, перасаджваемся на цягнік 727Б «Мінск - Брэст», які адправіцца ў 10:24 i ўжо ў 12:02 даставіць вас на станцыю «Баранавічы-Цэнтральныя». Кошт праезду складзе 20,55 BYN. Ва ўсіх астатніх выпадках з Мінска да Баранавіч можна даехаць з прыпынку «Інстытут культуры», адкуль кожныя 15-30 хвілін адпраўляецца маршрутка транспартнай кампаніі «Baranovichi-express» за 20 BYN.

Па прыбыцці ў горад запускаем на тэлефоне «Яндэкс.Карты», шукаем цікавыя для сябе месцы і спрабуем мясцовую традыцыйную страву — баранавіцкія лодачкі (толькі акуратна, у траўні на «Цэнтральным» гэта дрэнна скончылася). Не забываем, што канчатковым пунктам вашага маршруту павінен стаць стадыён «Гарадскі» (вул. Леніна, 22), дзе ў 15:00 стартуе матч з удзелам нашай каманды. Білеты на гасцявы сектар (№1) можна набыць за дзве гадзіны да пачатку гульні ў касах стадыёна. Кошт — 5 BYN.

Пасля завяршэння матча адпраўляйцеся на другі баранавіцкі вакзал пад назвай «Баранавічы-Палескія». У 17:47 садзімся на электрычку, якая за 2:50 давязе вас да станцыі «Мінск-Пасажырскі». Кошт білета складзе 7,59 BYN. Далей перасаджваемся на цягнік 756Б «Мінск - Гомель» з адпраўленнем у 21:18 і прыбыццём на канчатковую станцыю ў 00:25.

Па традыцыі пішыце ў каментарах аб наяўнасці вольных месцаў у асабістым транспарце, збірайце крутую кампанію і пад песню «Барановичи, Барановичи — белорусский городок» (слухаць не болей 3 разоў!) адпраўляйцеся на выезд. Зялёна-белы сектар заўжды побач з камандай! Толькі Гомель - толькі перамога!


Спонсоры и партнеры клуба
partner
partner
partner
partner
partner
partner