Маршрут заўзятара на матч з «Дынама-Мiнск»

Ужо паслязаўтра нашу каманду чакае няпросты матч з суседам па турнірнай табліцы, які пройдзе на галоўнай футбольнай арэне краіны — Нацыянальным футбольным стадыёне. Калі хтосьці яшчэ сумняваецца, ехаць ці не — не сумнявайцеся! Цёплы чэрвеньскі вечар на трыбунах самай статуснай арэны Беларусі і наша зялёна-белая каманда ў прынцыповым паядынку за 6 ачкоў — цудоўная нагода для незабыўнага падарожжа. А мы падрабязна раскажам, як дабрацца да Мінска, каб падтрымаць нашу каманду на гэтым выездзе.

Самым простым спосабам дабрацца да сталіцы з'яўляецца Беларуская чыгунка. Хуткасны цягнік 747Б, які адпраўляецца 13 чэрвеня ў 11:02, даставіць вас у Мінск за 3 гадзіны і 6 хвілін, а кошт квітка складзе 28,11 BYN. Тым, каму пасуе плацкарт, падыйдзе варыянт з цягніком 302С Гомель - Мінск, які адпраўляецца ў 12:53, а ў 17:10 будзе на станцыі Мінск. На квіток давядзецца выдаткаваць ад 18,09 да 24 BYN у залежнасці ад тыпу вагона. Таксама кожную гадзіну з Гомельскага аўтавакзала адпраўляюцца маршруткі транспартнай кампаніі «Смайлбус». Кошт пытання — 38 BYN.

Каб спланаваць шпацыр па Мінску, традыцыйна раім скарыстацца гайдам ад анлайн-часопicа для падарожнікаў. Нацыянальны футбольны стадыён знаходзіцца па адрасе: Партызанскі праспект, 35. Бліжэйшыя станцыі метро — «Трактарны завод» і «Партызанская». Ад іх да стадыёна можна дайсці пешшу за 15-20 хвілін, або праехаць некалькі прыпынкаў на грамадскім транспарце. Транспартная сетка сталіцы цалкам пакрывае гэты маршрут, дазваляючы хутка даехаць з любой часткі горада. Каб пабудаваць аптымальны маршрут у рэальным часе з улікам вашага бягучага месцазнаходжання, выкарыстоўвайце картаграфічны сэрвіс, напрыклад «Яндэкс Карты».

Сектар для заўзятараў «Гомеля» — 113. Для атрымання падрабязнай інфармацыі аб праходзе і квітках на гасцявы сектар, звяртайцеся да нашага спецыяліста па працы з заўзятарамі (Уладзіслаў).

Каб вярнуцца назад у Гомель, ёсць два варыянты: цягнік і маршрутка. Калі вы абярэце першы спосаб, то вам трэба 14 чэрвеня ў 00:28 сесці ў цягнік 622Б, які ў 07:29 даставіць вас на гомельскі вакзал. Кошт квітка — ад 23,58 да 32,67 BYN у залежнасці ад тыпу вагона. Калі вы выбіраеце варыянт з маршруткай «Смайлбус», то пры браніраванні указвайце прыпынак «пл. Ванеева», якая знаходзіцца проста насупраць стадыёна. Прыкладны час адпраўлення мікрааўтобуса — ў 21:24, што дазволіць спакойна пасля матчу дабрацца да месца пасадкі. Кошт — 38 BYN, а планавы час прыбыцця на аўтавакзал Гомеля — 01:00 (14 чэрвеня). Калі ж хто-небудзь з заўзятараў едзе на матч асабістым транспартам, не палічыце за працу напісаць у каментарах аб вольных месцах!

І яшчэ адзін важны момант. Мы добра ведаем, што ў нашага клуба даволі шмат заўзятараў у розных кутках Беларусі. Зялёна-белыя, мы вельмі будзем рады ўбачыць вас у суботу ў сталіцы на гомельскім сектары! Чаму б нам не сабраць на Нацыянальным сапраўды масавы зялёна-белы 113-ы (і не толькі!) сектар? Збірайце кампанію аднадумцаў, не забывайце зялёна-белыя цішоткі і шалі, і разам выпраўляйцеся на выезд.

Нам патрэбна ваша падтрымка! Толькі Гомель, толькі перамога! 


Спонсоры и партнеры клуба
partner
partner
partner
partner
partner
partner