Маршрут заўзятара на матч з мазырскай «Славiяй»

Палескае дэрбі – ужо паслязаўтра! 

«Зялёна-белыя», кожны з вас разумее важнасць гэтага матчу, і гаворка не толькі аб становішчы ў турнірнай табліцы, а яшчэ аб пацверджанні статусу лепшай каманды вобласці. Таму, без лішніх словаў — усе на выезд!

Каб дабрацца да Мазыра, ёсць некалькі варыянтаў, пра кожны з якіх мы раскажам у нашым традыцыйным «маршруце заўзятара».

1) Беларуская чыгунка. Раніцай 22 жніўня адпраўляемся на вакзал і ў 08:47 садзімся на дызель-цягнік пад нумарам 6475 «Гомель — Калінкавічы», які за 3 гадзіны і 9 хвілін, а таксама за 6,92 BYN даставіць «зялёна-белы» дэсант да канцавога пункта маршруту. Тут давядзецца зрабіць яшчэ адну перасадку: проста з чыгуначнага вакзала Калінкавічаў да Мазыра адпраўляецца аўтобус або маршрутнае таксі пад нумарам 201. Каля 14 кіламетраў у дарозе, і мы апынаемся на мазырскам прыпынку «Прымаставая», ад якога можна прагуляцца да стадыёна пешшу або дабрацца да стадыёна на прамых гарадскіх аўтобусах № 8 і № 24 (прыпынак ЦІІ «Арэна»).

2) Маршруткі «Гомель – Мазыр». Заходзім на сайт (mozyr-gomel.by/), выбіраем зручны час на 22 жніўня і выпраўляемся на выезд за 23 BYN. Калі хочаце пракаціцца на вялікім аўтобусе, то на сайтах білетных агрэгатараў, такіх як infobus.by ці atlasbus.by, можна купіць білет на рэйс, які адпраўляецца з аўтавакзала ў 12:30 і прыбывае на вакзал Мазыра да 15:00. Кошт – 20 BYN.

Мазырскі стадыён «Юнацтва» знаходзіцца па адрасе: вул. Янкі Купалы, 26А. Не забываемся карыстацца сэрвісам «Яндэкс Карты», каб з лёгкасцю дабрацца да стадыёна з любой кропкі горада. Кошт квітка на гасцявы сектар — 10 BYN. Жанчынам, дзецям і пенсіянерам білет абыйдзецца ў 5 BYN. Набыць іх можна ў касах стадыёна альбо праз сэрвіс «Аплаці».

Каб дабрацца назад у Гомель, можна таксама скарыстаць паслугі маршруткі «Мазыр – Гомель», якая адпраўляецца з прыпынку «Прымаставая» ў 18:35. Месцы на апошнюю маршрутку абмежаваныя, таму раім паспяшацца з браніраваннем білета. Калі ж вы па нейкіх прычынах не паспелі забраніраваць білет на апошнюю маршрутку, то для таго, каб дабрацца дадому, давядзецца ажыццявіць невялікае падарожжа па Палессі.

Не спяшаючыся дабіраемся да чыгуначнага вакзала ў Калінкавічах і купляем білет на дызель-цягнік да Жлобіна, які адпраўляецца ў 21:04. Кошт квітка — 5,51 BYN. Прыбываем у Жлобін у 22:54, п'ем каву і ў 23:26 садзімся на цягнік да Гомеля, які прыедзе на канчатковую кропку ў 00:16. Білет у залежнасці ад катэгорыі абыдзецца ад 13,70 BYN да 27,40 BYN.

Калі ж нехта едзе на асабістым транспарце, то напішыце, калі ласка, у каментарах. Збірайце кампанію аднадумцаў і выпраўляйцеся разам на адзін з самых галоўных выездаў сезона. Камандзе патрэбна ваша падтрымка! Да сустрэчы на ​​трыбунах! 

Спонсоры и партнеры клуба
partner
partner
partner
partner
partner
partner